ВУЧАНЬ НЕ ХОЧА ЧЫТАЦЬ . . .
ПЕДАГАГІЧНЫЯ КАМПРАМІСЫ
Што ж рабіць, калі вучань не чытае, не хоча чытаць?
Дзеці робяць тое, што і дарослыя. Адкажыце сумленна, колькі і якіх кніг вы прачыталі самі, што чыталі апошнім часам і якую кнігу чытаеце сёння. Пачніце чытаць. Выберыце той твор, які вам блізкі. няхай сабе ён будзе невялікі, няхай не ўваходзіць у школьную праграму. Галоўнае — ён павінен быць інтрыгай для вас. Навучыцеся чытаць яго ўголас. Паспрабуйце розную інтанацыю, уявіце, што вы чытаеце гэты твор розным слухачам, можаце запісаць свой голас на магнітафон. I толькі потым прачытайце яго вучням. У кожным класе — першым ці адзінаццатым — вучню хочацца чагосьці незвычайнага, нестандартнага. Падумайце, як падаць гэты твор, да якой гульні далучыць не толькі слухачоў, але і гледачоў: спектакля, віктарыны, аўкцыёна. Якую мэту вы ставіце перад сабой, чаго хочаце дамагчыся трох- або дзесяціхвіліннай дзеяй: слёз, захаплення, перажывання страху, адчування таямніцы? Прадумайце ўсё да дробязяў: пытанні, асвятленне, музыку, дэкор інтэр'ера і вашага адзення. Гэта стварае цэласны вобраз твора, вашага прадмета, вас як асобы і педагога. Бацькі ж могуць вучыцца чытаць разам з дзіцем, далучаць яго да гэтага працэсу, рабіць дзіця сваім вучнем.
Чытанне ўголас (лепш на памяць) толькі ўзмацняе значнасць школьнага прадмета, прывучае да правільнага маўлення і педагога, і вучняў. Адзін з бар'ераў для педагога — гэта "агіда" да твора, бо ён чытаны-перачытаны. Сам настаўнік сумняваецца ў праўдзівасці, актуальнасці аповесці (апавядання), змянілася яго стаўленне да герояў, да аўтара. Я памятаю, як злавіла сябе на думцы, што адразу пасля універсітэта "сімпатызавала" Раскольнікаву (акцэнтавала ўвагу вучняў на гэтым героі). Праз год гаварыла: "Раскольнікаў? Ды ён жа мазахіст!" Яшчэ праз год: "Толькі жоўты Пецярбург!" Праз два гады: "Нас цікавіць толькі Дастаеўскі!" I раптам зразумела, што вучні — кожны год пятнаццацігадовыя, а я змяняюся, змяняецца мае ўспрыманне свету, і гэтае успрыманне я ўкладваю ў пятнаццацігадовых. А калі мне не падабаецца які-небудзь аўтар, але мне трэба пра яго гаварыць? Што тады? Тады вучань ніколі не даведаецца праўды пра боль пісьменніка, тады назаўсёды будзе страчана магчымасць ведаць адказ, якога раптам не дасць жыццё. 3 аднаго боку — нядбайнасць, нявыхаванасць, непрывучанасць НЕ сваіх вучняў, з другога — праца. I даводзіцца ісці на кампраміс.
Кампраміс матываў. Не заўсёды вучань хоча рабіць тое, што задае яму настаўнік. Таму матывы чытання, вывучэння твора не супадаюць. Настаўнік можа пайсці на маленькую хітрасць: сказаць вучням, што чытаць гэтага паэта не трэба, а трэба толькі зрабіць малюнак да любога яго верша. Івучань у пошуках самага простага верша перагартае ўвесь зборнік. А назаўтра можна гаварыць з класам пра колер і гукапіс у творчасці паэта. Замацаваныя поспехі вучняў спараджаюць упэўненасць у сваіх сілах — "я магу", імкненне да новага спазнання — "я хачу і буду ведаць". I балы тады выконваюць самую малую ролю.
Кампраміс інтарэсаў. Часта вучні кажуць, што твор нецікавы, несучасны, што даўно няма тых ідэалаў і каштоўнасцяў, якія апісаны аўтарам, што цяпер іншы час. Тады настаўнік можа пайсці ад інтарэсаў моладзі і прапанаваць: "Уявіце, што гэты раман (аповесць, апавяданне) чытаюць рэперы, хіпі, байкеры. Раскажыце ад ix імя..." Або можна прапанаваць "зняць" фільм паводле гэтага твора. Фільм можа быць у выглядзе сачынення, асобных аплікацыйных кадраў (калаж, аплікацыя з каляровай паперы), можа быць распісаны па кадрах. Можна ўвесці ў твор новых герояў: сябе, аднакласнікаў, бацькоў, настаўнікаў.
Кампраміс гульні. Адзін з варыянтаў. Вы прыносіце ў клас настольныя гульні: шашкі, шахматы, даміно, карты, лато. Для кожнай гульні свае правілы. Напрыклад для картаў: выберы карту, якая адпавядае герою твора (а героем можа быць нават прадмет адзення, інтэр'ер, аб'ект прыроды), і ад яго імя раскажы пра пачуцці, думкі героя. У адказе павінен гучаць (або ўгадвацца) тэкст твора. "Я, сямёрка чырваў, я сукенка (называецца персанаж)..." Або: запісваецца прозвішча пісьменніка, героя і на кожную літару падбіраецца слова, якое характарызуе яго маўленне, падзеі жыцця і да т. п. Або пачатковыя літары становяцца пачаткам радкоў (акраверш), і мы ствараем оду, санет (радкі, якіх не хапае, або лішнія радкі атрымліваюцца ад унесеных зменаў, што таксама — творчасць), і гэтыя ода ці санет павінны раскрываць фабулу рамана, пачуцці паэта. Калі складана прыдумаць штосьці самім, то можна ўзяць зборнікі гульняў (настольных, рухавых, народных) і перакласці ix на мову урока, г. зн. Напоўніць іншым зместам.
Кампраміс пачуццяў. Як сумна, калі урок пачынаецца словамі "Добры дзень, сядайце, тэма урока... " або "Зірніце на гэты партрэт...". Пачніце ўрок з віктарыны, а па пытаннях і адказах вучні няхай сфармулююць тэму ўрока. Прынясіце "чорную" ("чароўную") скрынку з рэчамі, якія належаць героям. Па алісанні трэба здагадацца, чые яны. Ці падабраць да кожнай рэчы апісанне з тэксту. Або знайсці ў тэксце сцэны (уявіць, калі яны не напісаныя), дзе згадваецца той або іншы прадмет. Выявіце ў біяграфіі пісьменніка "любімую рэч" (шаль, ручку, капялюш, карціну, карабель), і няхай гэта будзе сімвалам урока. Прысвяціце ўрок толькі адной старонцы рамана. Разгледзьце яе, няхай вучні ўявяць лёсы герояў, паразважаюць, чаму твор пачынаецца менавіта з гэтых радкоў, дапіпгуць яго, складуць пытанні, на якія пры чытанні знойдуць адказы. Гэта будзе своеасаблівым прадчуваннем рамана.
Кампраміс дыялогу. Гаварыце з вучнямі пра тыя праблемы, якія ix хвалююць: пра любоў, каханне, сяброўства... Хочацца пайсці ад твора да жыцця, але гэта атрымліваецца не заўсёды. Тады ідзіце ад жыцця да твора. Каб зразумець пачуцці аўтара або героя, трэба заглыбіцца ў падобнае, трэба навучыцца адчуваць. Прапануйце вучням узяцца за рукі, адчуць руку суседа, яго характар, яго свет. Калі не хапае слоў для алісання, падкажыце, напісаўшы на дошцы, на картцы. Няхай школьнікі параўнаюць адчуванні, уяўленні пра жыццё "рукі" з якім-небудзь прадметам. Не пагадзіцеся з крытыкамі, надайце станоўчаму герою адмоўныя рысы і наадварот — апраўдайце адмоўнага. Дайце волю разважанням, спрэчцы. Раздайце маленькія аркушыкі паперы, якія нагадваюць школьныя цыдулкі, і прапануйце вучням задаць вам пытанне, тэму для абмеркавання ў класе. Па-першае, вы здымеце цікаўнасць да вас (настаўнік таксама чалавек), па-другое, вы даведаецеся, чым жывуць школьнікі, што ix хвалюе. Не трэба шкадаваць, што ад урока ўгэтых цыдулках можа нічога не быць. Але ў ix будзе само жыццё, перажыванні прататыпаў і персанажаў. I нават добра, калі вы не будзеце ведаць адказу. Сумесны пошук адказу пакажа, што вы не адзін (адна), што з вамі вашы вучні. Ваша фантазія падкажа вам заданні і практыкаванні. Важна, што мы актывізуем у сабе і ў вучнях Дзіця, здолънае гуляцъ. Калі мы дазваляем гуляць і сабе, вучань бачыць, што ён на роўных з настаўнікам, што настаўнік стаў яго партнёрам. А значыць, разважанні пра жыццё пры дапамозе прачытанага будуць у пазіцыі Дарослага. Калі вучні спраекцыянуюць свае думкі, пачуцці, адчуванні, то хутчэй зразумеюць тэму, кампазіцыю, засвояць мастацкія сродкі твора, а галоўнае — адкрыюць для сябе свет, які дапаможа ў цяжкую хвіліну. Асаблівасць чытання (і пра яе трэба гаварыць з вучнямі) у тым, што чалавек перажывае ўсю гаму пачуццяў, ён можа паўтарыць фразу, загарнуць кнігу, адгарнуць яе зноў, "змяніць" хуткасць падзей. Дзяўчынка і хлопчык гадуюць у сабе жанчыну і мужчыну, якія адчуваюцъ, якія думаюць. Чытанне фармуе самасвядомасць. Гатовыя ж карцінкі вучаць штампам, праграмуюць на пэўныя падзеі, скарачаюць свабоду выбару. Усе вялікія людзі з дзяцінства слухалі казкі, потым самі чыталі мастацкую і навуковую літаратуру. Чытанне дае магчымасць паспрачацца з аўтарам, змяніць свае погляды на жыццё, займець сілу духу Марціна Ідэна, чалавечнасць Маленькага Прынца, пражыць жыццё Эсмеральды і Д'Артаньяна.
Яшчэ адной праблемай робяцца зносіны дзяцей з бацькамі. Мы ўсе разумеем, што чытаць трэба разам з дзецьмі. Дзіця бачыць, хто ў сям'і чытае і што ён чытае. Добра, калі дома ёсць кнігі (праверце, якія, звярніце ўвагу на сваё стаўленне да кніг). Абмяркоўвайце разам у сям'і газетныя і часопісныя артыкулы, прачытаныя творы, дзяліцеся пачуццямі і думкамі з дзецьмі.
Чытаць можна ўсё. Але лепш пачынаць з класікі, г. зн. з узораў. Кожны ўзрост аддае нечаму перавагу. Так, падлеткам нецікавыя апісанні прыроды, шматслоўныя разважанні і павучанні. Вы можаце пачуць ад ix, што гэта неактуальна, што цяпер іншы час. Але калі прыгадаць старажытны папірус, на якім было напісана "Час цяпер іншы: дзеці не слухаюцца бацькоў, і кожны імкнецца напісаць кнігу", то легка зразумець, што дзіця ва ўсе часы застаецца дзіцем. Яно якраз і не мяняецца. Мяняемся мы, дарослыя, бацькі і педагогі. Мяняюцца нашы ўяўленні пра жыццё, пра каштоўнасці. І пра ГЭТА мы чытаем ці расказваем нашым вучням. Памылковае ўяўленне, што дзецям чытаць нецікава, што ім не-патрэбныя кнігі. "Яму гэта нецікава", — кажам мы. Яму нецікавыя навязаная думка, патрабаванні, загады, тое, што дэманструе ўладу дарослага. Просьбы і ўгаворы таксама нецікавыя, гэта прымушае яго яшчэ больш капрызіць і пярэчыць. Патрэбныя толькі ўласны прыклад і размова на роўных, інакш дзіця чытаць не будзе. Чым вы можаце дапамагчы дзіцяці, у сям'і якога не выконваюцца гэтыя ўмовы? Падарыце вучню кнігу. Арганізуйце абмен кнігамі ў класе. У кожнага павінна быць свая кніга, хоць бы адна. Гэта ён запомнить на ўсё жыццё. Вучыцца ніколі не позна, вучыцца ніколі не сорамна. Звяртайцеся да педагогаў-наватараў па парады, да канкрэтных прыкладаў з жыцця тых, хто змог каго-небудзь навучыць чытанню.
Калісьці я сутыкнулася з гэтай праблемай і пачала з таго, што стала чытаць "Чаму ў Ільіна чытаюць усе" і шукаць свае прыёмы і метады. Не бойцеся эксперыментаваць! Выкарыстоўвайце ў навучальным і выхаваўчым працэсе розную літаратуру, вучыцеся і вучыце чытаць і расказваць седзячы і стоячы на крэсле, ад першай і трэцяй асобы. Чытаць могуць усе, але не ўсе ўмеюць чытаць. Як добра, што мы вучымся пераадольваць цяжкасці, умацоўваючы жаданне навучыць кагосьці нечаму такому, што мы самі ўмеем, бо ў нас ёсць усё, каб адбыцца ў прафесіі, каб быць пачутымі.
раскрыть » / « свернуть