У календары святаў існуе адна асаблівая дата, прысвечаная самаму важнаму чалавеку ў жыцці кожнага з нас – маме. 30 ліпеня 1996 года ўказам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь "Аб устанаўленні свята - Дня маці" было вызначана яго штогадовае святкаванне 14 кастрычніка. Гэта своеасаблівы дзень падзякі, выказвання любові і павагі мамам. Яны далі нам жыццё, ласку і клопат, сагрэлі любоўю. Словы "мама", "маці" - адны з самых старажытных на зямлі і амаль аднолькава гучаць на мовах розных народаў. Гэта сведчыць аб тым, што ўсе людзі шануюць і любяць маці. У многіх краінах адзначаецца Дзень маці. Людзі віншуюць сваіх мам, прыязджаюць да іх у госці, дораць падарункі, ладзяць для іх свята.
12 кастрычніка навучэнцы дзяржаўнай установы адукацыі «Бортнікаўскі вучэбна-педагагічны комплекс яслі-сад-сярэдняя школа» запрасілі сваіх любімых матуль на музычную гасціную«Дзякуй вам, мамы, за тое, што вы ёсць». Усе канцэртныя нумары выконваліся дзецьмі з пачуццём любові, пяшчоты, што выклікала ў прысутных адначасова і ўсмешку, і слёзы. Іскрыстыя вочы дзяцей дарылі ў гэты дзень мора любові і шчасця. Гучалі прыгожыя песні ў выкананні дзяцей і хвалюючыя вершы. Узнагародай сталі добрыя ўсмешкі і цёплыя апладысменты.